ТЭРМІ́ЧНАЯ АПРАЦО́ЎКА,

сукупнасць аперацый цеплавога ўздзеяння на матэрыялы (у асноўным металы і сплавы) з мэтай патрэбнай змены іх структуры і ўласцівасцей. Ажыццяўляецца ў тэрмічных печах.

Заключаецца ў награванні матэрыялу да пэўнай т-ры, адпаведнай вытрымцы пры гэтай т-ры і наступным ахаладжэнні з зададзенай скорасцю. Асн. віды Т.а.: адпал, загартоўка, водпуск, штучнае старэнне металаў, нармалізацыя (награванне сталі да т-р аўстэнітнага стану, прыкладна да 750—950 °C, вытрымка і ахаладжэнне на паветры для надання аднароднай дробназярністай структуры), патэнцыраванне (награванне дроту да 870—950 °C, хуткае ахаладжэнне ў солевым або свінцовым расплаве, вытрымка і наступнае ахаладжэнне на паветры або ў вадзе з мэтай павелічэння абціскання пры валачэнні і павышэння трываласці). Цеплавое ўздзеянне можа спалучацца з дэфармацыйным (тэрмамеханічная апрацоўка), хімічным (хіміка-тэрмічная апрацоўка), магнітным (тэрмамагн. апрацоўка). Разнавіднасці Т.а. — ізатэрмічная апрацоўка, электратэрмічная апрацоўка, лазерная (метал награваюць выпрамяненнем лазера) і інш.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 16, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)